САВЕ́Т НАРО́ДНЫХ КАМІСА́РАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР, Саўнарком БССР, СНК БССР,

вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзярж. улады, урад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) у 1920—46. Створаны 18.12.1920 паводле дапаўненняў да Канстытуцыі Сацыяліст. Сав. Рэспублікі Беларусі 1919, прынятых Другім Усебеларускім з’ездам Саветаў у снеж. 1920. Да пастановы Шостага Усебеларускага з’езда Саветаў 1924 (надзвычайнага), прынятай 16.3.1924, абавязкі старшыні ЦВК і СНК, а таксама наркома па замежных справах выконваліся адной асобай. Членамі СНК былі нар. камісары ўсіх наркаматаў, старшыні Савета нар. гаспадаркі і Надзвычайнай камісіі. Пры СНК дзейнічалі пастаянныя камісіі: Эканам. нарада, Камісія заканад. меркаванняў, Дзярж. планавая камісія. Кампетэнцыя і склад СНК БССР мяняліся ў сувязі з утварэннем СССР і зменамі ў дзярж.-прававой пабудове, са стварэннем новых цэнтр. органаў кіравання (наркаматаў і ўпраўленняў) галінамі эканомікі і культуры. СНК БССР ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва рэспублікай праз наркаматы, выканкомы Саветаў. Ён прымаў пастановы і выдаваў распараджэнні па ўсіх пытаннях, якія не адносіліся выключна да кампетэнцыі Усебел. з’езда Саветаў, ЦВК БССР і яго Прэзідыума. СНК быў адказны перад з’ездам Саветаў і ЦВК БССР. Пастановы СНК аб дзярж. і мясц. бюджэце, падатках, адм.-тэр. падзеле рэспублікі, увядзенні мер аховы парадку ў ёй абавязкова зацвярджаліся Прэзідыумам ЦВК. Старшыня СНК БССР меў права прыпыняць распараджэнні акр. выканаўчых к-таў, нар. камісарыятаў, кіраўнікоў цэнтр. устаноў і ведамстваў, распараджэнні ўпаўнаважаных Нар. камісарыятаў СССР пры СНК БССР з наступным дакладам пра гэта СНК БССР на яго бліжэйшым пасяджэнні. Паводле Канстытуцыі Беларускай ССР 1927 у склад СНК БССР уваходзілі Старшыня СНК, яго нам., старшыня ВСНГ, 10 наркомаў, кіраўнік ЦСУ (з правам рашаючага голасу), старшыня ДПУ БССР і 4 упаўнаважаныя нар. камісарыятаў СССР (з правам рашаючага ці дарадчага голасу паводле пастановы ЦВК БССР). Кампетэнцыя і структура нар. камісарыятаў і ўзаемаадносіны паміж іх асобнымі органамі вызначаліся агульным Палажэннем аб асобных камісарыятах. Паводле пастановы IX Усебел. з’езда Саветаў «Аб змяненнях і дапаўненнях Канстытуцыі (Асноўнага закона) Беларускай ССР» (22.1.1935) СНК БССР стаў адказным не толькі перад Усебел. з’ездам Саветаў і ЦВК БССР, але і перад Прэзідыумам ЦВК. Пры СНК пакінуты 2 пастаянныя камісіі: Эканам. савет і Дзярж. планавая камісія. Паводле Канстытуцыі Беларускай ССР 1937 у склад СНК БССР уваходзілі Старшыня СНК, яго нам., старшыня Дзяржплана, 14 наркомаў (харч., лясной, лёгкай прам-сці, земляробства, збожжавых і жывёлагадоўчых саўгасаў, фінансаў, унутр. гандлю, унутр. спраў, юстыцыі, аховы здароўя, асветы, мясц. прам-сці, камунальнай гаспадаркі, сац. забеспячэння), упаўнаважаны К-та нарыхтовак СССР, нач. упраўлення па справах мастацтваў і 8 упаўнаважаных агульнасаюзных наркаматаў (абароны, замежных спраў, знешняга гандлю, шляхоў зносін, сувязі, воднага транспарту, цяжкай і абароннай прам-сці). Паводле указа Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 26.3.1946 СНК БССР пераўтвораны ў Савет Міністраў Беларускай ССР (гл. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь).

Старшыні СНК БССР: А.​Р.​Чарвякоў (1920—24), Я.​А.​Адамовіч (1924—27), М.​М.​Галадзед (1927—37), Д.​І.​Валковіч (1937), А.​Ф.​Кавалёў (1937—38), К.​В.​Кісялёў (1938—40), І.​С.​Былінскі (1940—44), П.​К.​Панамарэнка (1944—46).

Літ.:

Органы государственного управления Белорусской ССР (1919—1967 гг.). Мн., 1968;

История государства и права Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76.

Р.​П.​Платонау.

т. 14, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)